ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст. Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.​П.​Саварэнскі, І.​В.​Папоў, М.​М.​Маслаў, В.​А.​Прыклонскі, Я.​М.​Сяргееў, В.​Д.​Ламтадзе, В.​Ц.​Трафімаў і інш., амер. К.​Тэрцагі, Р.​Пек, Дж.​Тэйлар, англ. А.​Скемптан, чэш. К.​Заруба і М.​Матула, югасл. Б.​Куюнджыч і М.​Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.​Р.​Лабадзенка, В.​Ф.​Вішнеўскі, І.​А.​Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел. дзярж. політэхн. акадэміі.

П.​М.​Касцюковіч.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)